СТАЛЬМА́ШНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб транспартных гужавых сродкаў. Аб’ядноўвае шэраг функцыянальна блізкіх промыслаў: выраб колаў, калёс, мажар, брычак, саней, вазкоў і інш. Выраб колавых (летніх трансп. сродкаў) больш складаны за выраб палазных (зімовых).

На Беларусі карпусы рабочых вазоў для сваіх патрэб рабілі многія сяляне, а колы для іх часцей куплялі ў майстроў-стальмахоў. Выраб колаў, які патрабаваў высокага майстэрства, спец. прыстасаванняў і інструментаў, часта вылучаўся самаст. промысел, цесна звязаны з рынкам. Вытв-сць колаў была дыферэнцыраванай (гнуццё абадоў, выраб калодак, акоўка колаў). Абады для колаў выраблялі з гнуткіх парод драўніны — дубу, вязу, клёну. Загатоўкі для абадоў папярэдне распарвалі ў парні ці лазні і нулі на гбале (бабе). Тым жа спосабам нулі дугі і санныя палазы на гбалах адпаведнай формы. Сагнутыя абады звязвалі па канцах і сушылі каля 2 тыдняў.

Калодкі для колаў выраблялі з бярозы-чачоткі, радзей — з дубу ці вольхі. У іх выразалі лапаценем адтуліны пад вось, і вонкавую паверхню апрацоўвалі на такарным станку. Па акружнасці ў сярэдзіне калодкі выдзёўбвалі 4-вугольныя гнёзды для спіц. Спіцы выраблялі з дубу ці ясеню, сушылі і забівалі ў гнёзды сырых калодак. Насаджвалі спіцы звычайна не перпендыкулярна да калодкі, а з некат. нахілам, каб прадухіліць калыванне колаў у час руху. Пасля замацавання спіц на колесні насаджвалі абады. Пярэднія колы рабілі крыху меншымі за заднія. На Беларусі найб. пашыраныя былі абодныя колы. Яны вядомы з часоў Стараж. Русі (раней сустракаліся ў скіфскіх і сармацкіх павозках). Былі і колы неабодныя: архаічныя суцэльнакругавыя (без спіц) і т.зв. звенчаковыя з дубу ці бярозы дугападобныя часткі. Да пач. 20 ст. сялянскія вазы рабілі амаль цалкам з дрэва. Для павелічэння тэрміну службы ў адтуліну кола з двух бакоў забівалі выкаваныя ў кузні жалезныя ўтулкі (буксы), а паверх калодкі надзявалі абручыкі (рэхвы). Выкарыстанне жалезных шын рабіла неабавязковым ужыванне цэласных абадоў. З канца 20 ст. ў рабочых вазах часцей выкарыстоўваюць гумавыя колы. Выцясненне гужавых трансп. сродкаў аўтамабілем прывяло да скарачэння С.р.

В.​С.​Цітоў.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)